СКАЧКІ́ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,
віды лёгкай атлетыкі, якія ўключаюць скачкі з разбегу ў вышыню, даўжыню, трайны скачок і скачкі з шастом. Скачкі ў выш., даўж. і з шастом уваходзяць у праграму лёгкаатлетычнага дзесяцібор’я (мужчыны); скачкі ў выш. і даўж. — сямібор’я (жанчыны). У праграмы спаборніцтваў С.л. ўключаны ў 1860-х г., у праграму Алімп. гульняў — у 1896. На Беларусі спаборніцтвы па С.л. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, скачкі ў выш. і даўж. з месца). Чэмпіянаты Беларусі па лёгкай атлетыцы, у т. л. і па С.л., адбываюцца з 1924. Сярод бел. лёгкаатлетаў найб. вызначыліся: у трайным скачку — У.Булатаў, Г.Валюкевіч, У.Гараеў — сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), А.Каваленка — бронз. прызёр, І.Лапшын — сярэбраны прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул).
т. 14, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)